Карусь Каганец
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
КАРУСЬ КАГАНЕЦ (Кастравіцкі, Казімір Карлавіч), беларускі пісьменнік, графік, мастак, скульптар, мовазнаўца-самавук.
Нарадзіўся ён 10 лютага (29 студзеня па старым стылі) 1868 года ў Табольску, куды ягоны бацька (прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду) быў высланы за ўдзел у паўстанні 1863 года. У 1874 годзе сям'я Кастравіцкіх атрымала дазвол вярнуцца дахаты. Прыехаўшы на тэрыторыю сучаснай Беларусі, Кастравіцкія пасяліліся ў вёсцы Засулле, што непадалёк ад Стаўбцоў. Там праз колькі гадоў памер бацька Казіміра. Сям'і не ставала сродкаў для існавання, таму з 6 да 11 гадоў Казімір рабіў пастушком. Затым Казімірава маці заручылася з мясцовым мужыком і пераехала разам з сям'ёй пад Койданава, дзе сястра аддала ёй дзве валокі зямлі.
Казімір спачатку вучыўся дома, пасля - у Мінскай гарадской навучальні. Потым ён авалодваў скульптурным майстэрствам у Маскве і Пецярбурзе, хаця гэтую навуку ён не закончыў - не хапала сродкаў.
У 1899 годзе Казімір Карлавіч ажаніўся і асеў ва ўрочышчы Лісія Норы каля Прымагілля. Аднак зямлі ў сям'і было небагата, і таму ён рабіў то ў мастацкай майстэрні ў Рызе, то ў Мінскім таварыстве дабрачыннасці, будаваў чыгунку ў Лідзе. Была яшчэ прычына, з-за якой ён часта мяняў месцы працы - Казімір Карлавіч браў удзел у рэвалюцыйным руху, і таму кожны работадавец намагаўся пазбавіцца такога працаўніка.
У снежні 1905 года, падчас агітавання сярод сялян Койданаўскага павета Казімір Карлавіч быў затрыманы. Ён патрапіў у Мінскі астрог і сядзеў там 5 месяцаў пад следствам. З-за хадатайніцтва сваякоў і сяброў ён быў адпушчаны да суда на парукі.
З гэтай пары ў Казіміра Карлавіча пачаўся новы перыяд вольных заробкаў. Ён рабіў лесніком на Ігуменшчыне, настаўнікам малявання ў Віленскай рамеснай навучальні. У 1910 годзе нарэшце адбыўся суд, які прысудзіў яму год зняволення ў Мінскім астрозе. Там у яго істотна пагоршылася здароўе.
На волі Казімір доўгі час шукаў работу, зрабіўся кіраўніком фальварка Жорта на Барысаўшчыне, аднак нечакана памёр 20 траўня 1918 года ў Прымагіллі падчас наведвання сваякоў.
[рэдагаваць] Творчы шлях
Казімір Карлавіч перш за ўсё вядомы як прыкметны пісьменнік, паэт, аўтар апавяданняў, п'ес, белетрыстычных і навукова-папулярных артыкулаў для дзяцей. Шмат ягоных твораў згубілася, напрыклад зборнік, дасланы ў 1909 або 1910 годзе ў рэдакцыю "Нашай нівы", ці кніжкі для дзяцей, адасланыя ў выдавецкую суполку "Загляне сонца і ў наша ваконца".
Казімір Карлавіч быў здольным скульптарам, графікам, мастаком. Падчас навучання ў Маскве ён звярнуў на сябе ўвагу, па-майстэрску вылепіўшы галаву Івана Жахлівага; менавіта ён выканаў вокладку кнігі "Першае чытанне для дзетак-беларусаў".
У галіне мовазнаўства Казімір Карлавіч напісаў чарнавы праект беларускага алфавіта, беларускі буквар (Bielaruski Lementar abo Pierszaja nawuka czytannia - Беларускі Лемантар або Першая навука чытання), склаў чарнавік "Беларускай граматыкі".
[рэдагаваць] Працы
- Беларускі лемантар або першая навука чытання. Пецярбург, 1906, 30 с.
- Творы. Мн., 1979, 263 с.