Бел-чырвона-белы сцяг
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Бел-чырвона-белы сцяг, дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь (19.9.1991 – 14.5.1995), нацыянальны сцяг беларусаў.
Зьмест |
[рэдагаваць] Паходжанне
Наогул, белы і чырвоны колеры характэрныя для беларускай культуры, напрыклад, чырвоныя элементы на белай асноведзі лічацца самым распаўсюджаным спалучэннем колераў ў беларускім арнаменце.[1] Аднак, пацверджаных гістарычных звестак пра паходжанне бел-чырвона-белага сцяга не існуе.[2] Існуюць ускосныя звесткі, што пад бел-чырвона-белымі сцяжкамі ваявалі пэўная частка татарскай конніцы ў бітве пад Грунвальдам (1410) і войскі ВКЛ у бітве пад Оршай (1514). Існуе і такое меркаванне, што бел-чырвоны-белы сцяг мог бы быць выведзены паводле правіл геральдыкі з колераў гербу "Пагоня". Цікава, што бел-чырвона-белая аблямоўка выкарыстоўваецца на ўрачыстых мантыях высокапастаўленых праваслаўных іерархаў.
[рэдагаваць] 1917
Як менавіта беларускі нацыянальны сцяг, бел-чырвона-белы сцяг нідзе не ўзгадваўся да 1909.[3] У 1909 – 1917 ім карысталіся некаторыя беларускія дэмакратычныя і незалежніцкія арганізацыі.[4] Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 бел-чырвона-белым сцягам пачалі ўсё часцей карыстацца як сцягам беларусаў наогул. На 1-й сесіі Беларускай цэнтральнай рады (Мінск, 5.8.1917) было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення.[5] Але яшчэ перад самым Першым усебеларускім з'ездам (7 – 18.12.1917) існавалі іншыя прапановы на ролю дзяржаўнага сцягу – напр., блакітна-бела-чырвоны сцяг.[6] Тым не менш, з'езд праходзіў пад бел-чырвона-белымі колерамі, хоць разгон з'езду і не дазволіў фармальна прыняць пастанову пра дзяржаўны сцяг.
[рэдагаваць] 1918-1920
Бел-чырвона-белым сцягам карысталася Беларуская рада ў Мінску да прыходу германскіх войскаў (18 – 25.2.1918). Урад Беларускай народнай рэспублікі таксама карыстаўся гэтым сцягам як дзяржаўным, хоць фармальна зацверджаны ён быў толькі 5.8.1918, абвешчаны ў верасні 1918. Існавалі і іншыя праекты дзяржаўнага сцягу, а таксама варыяцыі на аснове бел-чырвона-белага. У 1920 гэтым сцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстання і вайск. фармаванні Булак-Балаховіча.
[рэдагаваць] 1920-1930-я
Урад БНР у эміграцыі (1919 – 1925, Вільня) карыстаўся бел-чырвона-белым сцягам з дзвюмя дадатковымі вузейшымі палоскамі, магчыма, чорнымі. У 1920 – 1922 факт існавання беларускага бел-чырвона-белага сцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў таксама бел-чырвона-белы сцяг на ролю дзяржаўнага сцяга незалежнай Латвіі.[7] У далейшым бел-чырвона-белы сцяг ужываўся да 1939 у Заходняй Беларусі як нацыянальны, у т.л. КПЗБ (відавочна, з палітычных меркаванняў).
[рэдагаваць] 1940-я
У час нямецкай акупацыі (1941 – 1944) беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з немцамі, карысталіся бел-чырвона-белым сцягам неафіцыйна, і беспаспяхова дамагаліся ад нямецкіх уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Але гэта не было зроблена да апошніх дзён нямецкай акупацыі, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944).[8] Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гауляйтэрам Беларусі В. Кубэ, і надрукаванае ў газеце "Раніца" (27.6.1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сцягам побач з германскай сімволікай "пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці", аказалася, па выніках пазнейшых даследванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.[9]
[рэдагаваць] 1950-1980-я
Бел-чырвона-белым сцягам карысталася беларуская эміграцыя.
[рэдагаваць] 1980-2000-я
У 1980-я, пасля пачатку дэмакратызацыі ў СССР, бел-чырвона-белы сцяг як нацыянальны быў ізноў уведзены ў ужытак БНФ (спарадычна з 30.10.1988, масава з 19.2.1989).[10] Нарэшце, бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны як дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь (19.9.1991). На рэферэндуме (14.5.1995) выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга як дзяржаўнага было спынена. У Беларусі гэтым сцягам, як нацыянальным, працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі.
- ↑ [Фадзеева 1989] c.36
- ↑ [БасаўКур 1994] с.18
- ↑ [БасаўКур 1994] с.18
- ↑ Дата 1917-03-25, якая падаецца ў некаторых крыніцах (Геслер або амерыканскі "Флаг-бюлетэнь") як дата стварэння гэта сцяга, відавочна, неправамерная ([БасаўКур 1994] с.18).
- ↑ [Турук 1921] с.95
- ↑ [БасаўКур 1994] с.19
- ↑ [БасаўКур 1994] с.18
- ↑ [Цітоў 1999] с.156
- ↑ [Цітоў 1999] с.155
- ↑ [БасаўКур 1994] с.26
[рэдагаваць] Спасылкі
- [Цітоў 1999] Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. – Мн.: РІВШ БДУ, 1999. ISBN 985-6299-36-5.
- [Фадзеева 1989] Фадзеева В. Я. Арнамент // Этнаграфія Беларусі. – Мн. : БелЭн, 1989. ISBN 5-85700-014-9.
- [Турук 1921] Ф. Турук. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. – Москва : Государственное издательство, 1921 ; Мн. : Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994.
- [БасаўКур 1994] Басаў А. Н., Куркоў І. М., Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. – Мн.: Полымя, 1994. ISBN 5-345-00730-6.