Стаянне на Угры 1408
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Стаянне на Угры: Стаянне на Угры (1408) • Стаянне на Угры (1480)
"Стаянне на Угры" [1408], шматдзённае стаянне на процілеглых берагах р. Угры войскаў Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага, заключная падзея ў барацьбе гэтых двух дзяржаў за панаванне ва Усходняй Еўропе ў XV ст. Скончылася заключэннем Угрскага дагавора, які зацвердзіў дамінаванне ВКЛ у рэгіёне.
У 1405 Вітаўт пачаў вайсковыя дзеянні супраць Пскова. Пскоў, лавіраваўшы ў сваёй знешняй палітыцы паміж ВКЛ і ВКМ, звярнуўся за дапамогай да вял. кн. маскоўскага Васіля I, які зрэшты нічым не дапамог. Толькі ў 1406 ВКМ абвясціла вайну ВКЛ "пскоўскія дзеля крыўды". У тым жа годзе войскі ВКЛ і ВКМ сыйшліся на р. Плава, пад Крапіўнай, аднак у бітву не ўступілі - Вітаўт і Васіль I заключылі перамір'е на год.
У 1407 вайсковыя дзеянні аднавіліся, войскі ВКЛ узялі г. Адоеў, а войскі ВКМ узялі і спалілі г. Дзмітравец. Асноўныя сілы двух бакоў сыйшліся ля г. Вязьмы, але вырашальная бітва не адбылася - перамір'е было падоўжана яшчэ на адзін год. Аднак адносіны паміж дзяржавамі абвастрыліся пасля ад'езду ў ВКМ Свідрыгайлы - суперніка Вітаўта. Васіль I міласціва прыняў яго, даў у кармленне амаль палову земляў ВКМ - Уладзімір-на-Клязьме са ўсімі воласцямі і мытамі, Пераяслаўль-Залескі, Юр'еў Польскі, Волак Ламскі, Ржэву і палову Каломны, што выклікала незадаволенасць Вітаўта.
У 1408 войска ВКЛ выступіла ў паход на Маскву. На мяжы дзяржаў - р. Угра, іх сустрэлі маскоўскія войскі з татарскай дапамогай. Пасля шматдзённага стаяння войскаў на супрацьлеглых берагах ракі, Вітаўт і Васіль I заключылі вечны мір. Не ўсе Вітаўтавы баяры жадалі міру, адзін іх іх - Іван, казаў Вітаўту: "Не міры, Вітаўце, не міры", настойваючы на вырашальнай бітве, каб разбіць вял. кн. маскоўскага. Па легендзе, баярын Іван атрымаў ад Вітаўта мянушка "Няміра" (гл. Iван Няміра).
Угрскі дагавор 1408 г. канчаткова ўсталяваў мяжу паміж ВКЛ і ВКМ у вярхоўях р. Ака па рэках Угра, Роса і Брыня. Васіль I абавязаўся спыніць падтрымку Свідрыгайлы і прызнаваў прыналежнасць да ВКЛ Смаленскай зямлі і Вярхоўскіх княстваў. У склад ВКМ увайшла невялікая, раней спрэчная, тэрыторыя ў басейне р. Жыздра (з г. Перамышль, Казельск, Любуцк). Угрскі дагавор 1408 г. зацвердзіў дамінуючае становішча ВКЛ ва Усходняй Еўропе, дазволіў Вітаўту ўзмацніць сваю ўладу над Псковам і Ноўгарадам, палегчыў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам на захадзе. Жонка Васіля I - Соф'я Вітаўтаўна, часта і падоўгу бывала ў ВКЛ, гасцявала ў свайго бацькі. Пасля смерці Васіля I (1425) Вітаўт істотна ўплываў на ўнутраныя справы ВКМ. Па заключаным у Смаленску дагаворы, паміж Соф'яй Вітаўтаўнай і Вітаўтам, ВКМ фактычна стала васалам ВКЛ, а Вітаўт апякуном дзевяцігадовага Васіля II. Мірныя адносіны паміж ВКЛ і ВКМ захоўваліся да 1492 г.
[рэдагаваць] Літаратура
- Соловьёв С.М. История России с древнейших времен. Т.4. Гл.1.