Пагоня (герб)
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Герб "Пагоня", герб Рэспублікі Беларусь (19.9.1991 – 14.5.1995), нацыянальны герб беларусаў.
Зьмест |
[рэдагаваць] Назва
Назва гербу "Пагоня" вядомая з канца 13 ст. (1282, паводле Т. Нарбута).[1]
[рэдагаваць] Від
[рэдагаваць] Сярэднявечча
Існавалі пяць варыянтаў сярэднявечнай "Пагоні":[2]
- Класічны: у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і шчыт рыцара — блакітныя.
- Такі самы як класічны, але рыцар уздымае дзіду. Вядомы толькі з тэкставых апісанняў, графічныя выявы гэтага варыянту не знойдзены.
- Голы яздок на кані без сядла, уздымае над галавою меч. Вядомы толькі з тэкставых апісанняў, графічныя выявы гэтага варыянту не знойдзены.
- Два варыянты "малой пагоні": на шчыце толькі галоўная дэталь герба, збройная рука з голым мячом, колер поля чырвоны або залаты.
Апроч гэтага, была вядома т. зв. "татарская пагоня", на зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука.
[рэдагаваць] 1918-1991
Герб "Пагоня", які выкарыстоўваўся Радай БНР, Радай Слуцкага паўстання, беларускімі арганізацыямі часоў Другой суветнай вайны, беларускай эміграцыяй, беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі 1980 – 1990-х гг., не меў кананічнага графічнага выразу. Агульнымі традыцыйнымі рысамі варыянтаў былі: чырвонае поле, белы конь рыцара, чырвоны шчыт з белым падвойным крыжам (роўнаканцовым).
[рэдагаваць] 1991-2000-я
Від той адмены гербу "Пагоня", якая была прынятая ў якасці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991, мае наступныя адметнасці:
- тарк рыцара белы, з залатым крыжам Ефрасінні (патрыяршым);
- старэйшы, чым традыцыйны, выгляд зброі рыцара (шалом);
- конь у статычнай (абарончай) позе.
[рэдагаваць] Гісторыя
[рэдагаваць] Паходжанне
Наогул, выява вершніка гэта адна з найбольш папулярных тэм сімволікі розных народаў з часоў глыбокай старажытнасці. Непасрэдным папярэднікам "Пагоні" быў заходнееўрапейскі іканаграфічны выраз тытулу князь (dux) 11 – 13 ст. — выява рыцара ў зброі, з мячом ці прапарцом і з таркам, на кані, які крочыць ці бяжыць галопам.[3] Выкарыстанне сімвалу "Пагоня" як дынастычнага герба князёў літоўскіх на землях старадаўняй Беларусі апісваецца ў летапісах, пачынаючы з 1270 – 1290-х гг. Гл. таксама: Ярыла, Дзімітры Салунскі, Барыс і Глеб, Святы Юры.
[рэдагаваць] ВКЛ
У ВКЛ, герб "Пагоня" быў агульнадзяржаўным гербам (пасля 1385). Лічыцца, што адначасова ён быў і лакальным гербам этнічных беларускіх земляў.[4] Афіцыйна статус "Пагоні" як дзяржаўнага гербу быў замацаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588. Тамсама быў замацаваны статус "Пагоні" як герба для (тагачасных) этнаграфічных беларускіх земляў (у розных спалучэннях колераў і рыштунку).
[рэдагаваць] Расійская імперыя
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, выкарыстанне герба на беларускіх землях не спынілася. Ён змяшчаўся на штандары расійскіх вайсковых частак мясцовай камплектацыі, на зямельныя, губернскія і павятовыя гербы. З іншага боку, гербам карысталіся ў мясцовым вайсковым кантынгенце арміі Напалеона (1812) і паўстанцы ў паўстанні 1863 г. Ад пачатку 20 ст., герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся беларускім нацыянальным рухам. Гл. таксама: Пагоня (верш).
[рэдагаваць] 1918-1939
Пасля ўтварэння БНР, яе гербам, спачатку не замацаваным заканадаўча, стаўся герб "Пагоня". Герб ужываўся ў сімволіцы паўстанцаў у Слуцкім паўстанні (1920). У той самы час, "Пагоня" сталася дзяржаўным гербам Літоўскай рэспублікі. Цікава, што ў 1920 – 1930-я гг. шмат якія дзяржаўныя дзеячы Літоўскай рэспублікі ўказвалі на неадпаведнасць гэтага гербу менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі. У 1935 г. прэм'ер-міністр Літоўскай рэспублікі Тубаліс афіцыйна прызнаў не-літоўскае паходжанне "Пагоні", паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага гербу. Відавочна, гэтая праца была спынена падзеямі 1939 – 1940 гг.[5]
[рэдагаваць] 1941 – 1944
У час нямецкай акупацыі (1941 – 1944) беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з немцамі, карысталіся бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" неафіцыйна, і беспаспяхова дамагаліся ад нямецкіх уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Але гэта не было зроблена да апошніх дзён нямецкай акупацыі, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944).[6] Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гауляйтэрам Беларусі В. Кубэ, і надрукаванае ў газеце "Раніца" (27.6.1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" побач з германскай сімволікай "пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці", аказалася, па выніках пазнейшых даследванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.[7]
[рэдагаваць] 1950-1980-я
Бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" карысталася беларуская эміграцыя.
[рэдагаваць] 1980-2000-я
У 1980-я, пасля пачатку дэмакратызацыі ў СССР, герб "Пагоня" як нацыянальны быў ізноў уведзены ў ужытак БНФ. Нарэшце, герб "Пагоня" быў зацверджаны як дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь (19.9.1991). Пасля рэферэндуму (14.5.1995) выкарыстанне гербу "Пагоня" як дзяржаўнага было спынена. У Беларусі гэтым гербам, як нацыянальным, працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі.
- ↑ [Цітоў 1999] с.132
- ↑ [Цітоў 1999] с.144
- ↑ [Цітоў 1999] с.131-132
- ↑ [Цітоў 1999] с.140-144
- ↑ [Цітоў 1999] с.155
- ↑ [Цітоў 1999] с.156
- ↑ [Цітоў 1999] с.155
[рэдагаваць] Спасылкі
- [Цітоў 1999] Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. – Мн.: РІВШ БДУ, 1999. ISBN 985-6299-36-5.
- [Цітоў 1993] Цітоў А. Наш сімвал – Пагоня: Шлях праз стагоддзі. – Мн.: Полымя, 1993. ISBN 5-345-00740-3.