Новая Зеландыя
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Новая Зеландыя (англ.: New Zealand; маоры звычайна: Aotearoa) — геаграфічна ізаляваная астраўная краіна ў паўднёвай частцы Ціхага акіяну, бліжэйшымі да Новай Зеландыі значнымі па памерах тэрыторыямі сушы з'яўляюцца Новая Каледонія на паўначы на адлегласці 1.500 км, Аўстралія на паўночным захадзе на адлегласці каля 1.600 км праз Тасманава мора і матэрыковая частка Антарктыды на адлегласці амаль што 3.000 км на поўдзень. Асноўная тэрыторыя Новай Зеландыі размешчана на двух галоўных астравах — Паўночным і Паўднёвым, а таксама на шматлікіх невялікіх астравах. Самымі значнымі па плошчы сярод апошніх з'яўляюцца востраў Сцюарта, Вялікі Бар'ерны востраў і востраў Чатэм.
Ні па геаграфічным, ні па культурным асаблівасцям Новую Зеландыю немагчыма адназначна аднесці да аднаго з кантынентаў. Тэрыторыя краіны ляжыць часткова на Аўстралійскай, часкова на Ціхаакіянскай літасферных плітах, а насельніцтва паходзіць пераважна з двух розных культурных рэгіёнаў: нашчадкі ў асноўным брытанскіх каланістаў у еўрапейскім і карэннае насельніцтва маоры ў палінэзійскім культурным поясе Акіяніі.
Новая Зеландыя ўваходзіць у склад Каралеўстваў Садружнасці. Да Каралеўства Новая Зеландыя, галоўным прадстаўніком якога з'яўляецца брытанскі манарх, належаць таксама на прынцыпе "беспрымусовай асацыяцыі" (in free association) адміністрацыйна незалежныя тэрыторыі Астравоў Кука і Ніуэ, а таксама новазеландская калонія Такелау. Акрамя гэтага, Новая Зеландыя заяўляе аб сваіх тэрытарыяльных прэтэнзіях на рэгіён Рос у Антарктыдзе, які, адпаведна, стаў бы пятай часткай Каралеўства Новая Зеландыя.
За Новай Зеландыяй замацавалася назва "зялёны востраў". Выклікана гэта ў першую чаргу адносна нізкай шчыльнасцю засялення і адпаведна некранутай рукой чалавека дзівоснай прыгажосцю прыроды, а таксама незвычайна разнастайнай і звязанай з ізаляваным геаграфічным месцазнаходжаннем непаўторнай вегетацыяй.
[рэдагаваць] Геаграфія
Асноўны артыкул: Геаграфія Новай Зеландыі
[рэдагаваць] Геаграфічнае месцазнаходжанне і тапаграфія
Новая Зеландыя — краіна з самай вялікай адлегласцю да Цэнтральнай Еўропы: часткі тэрыторыі Новай Зеландыі знаходзяцца якраз у геаграфічна супрацьлеглым Іспаніі месцы і, такім чынам, утвараюць яе антыподы. Тэрыторыю Новай Зеландыі ўтвараюць два галоўныя астравы, аддзеленыя адзін ад другога пратокай Кука, і шматлікія значна меншыя астравы. Некаторыя з астравоў, такія як востраў Сцюатра, Вялікі Бар'ерны востраў, знаходзяцца дастаткова блізка ад узбярэжжа двух галоўных астравоў Новай Зеландыі. Адлегласць да самай дальняй новазеландскай тэрыторыі на поўначы — астравоў Кермадэк — складае звыш 1.000 км, самы дальні ўсходні пункт краіны — архіпелаг Чатэм — ляжыць на адлегласці звыш 700 км ад Паўночнага вострава. Акрамя гэтага, вялікая колькасць астравоў, такія як, напрыклад, Оклендскія астравы, астравы Кэмпбела альбо астравы Антыподаў, знаходзіцца ў субанктартычным рэгіёне. У 1998 годзе ўсе субантарктычныя астравы Новай Зеландыі былі аб'яўлены Сусветнай спадчынай ЮНЭСКА.
Агульная плошча Новай Зеландыі складае 270.534 км² і з'яўляецца некалькі меншай за Італію, але большай за Аб'яднанае Каралеўства альбо Ўсходнюю Германію. Маскімальная шырыня галоўных атравоў ва ўсходня-заходнім напрамку — 200 км, з поўначы на поўдзень Новая Зеландыя прасціраецца на 1.600 км.
Плошча Паўночнага вострава складае 113.729 км², з шырокімі нізінамі, у першую чаргу ў рэгіёне Вайката. У цэнтральнай частцы вострава дамінуе Цэнтральнае плато, на якім знаходзіцца Нацыянальны парк Тангарыра з вулканамі Нгаўрухоэ, Тангарыра і Руапеху і які быў аб'яўлены ЮНЭСКА першым камбінаваным аб'ектам Сусветнай спадчыны: як культурнай, так і прыроднай. Самае высокае ўзвышэнне вострава — гара Руапеху (2797 м). На поўначы ад Руапеху, у самым цэнтры Паўночнага вострава раскінулась возера Таупа, самае вялікае возера Новай Зеландыі. Праз усходнюю частку Паўночнага вострава цягнуцца шматлікія адносна невысокія горныя храбты, адметнай гарой заходняй часкі вострава з'яўляецца гара Таранакі, якая ўздымаецца на раўніне на вышыню 2.518 метраў і мае амаль што правільную конусападобную форму.
[рэдагаваць] Геалогія
Каля 200 мільёнаў год таму Новая Зеландыя, як і большасць сённяшніх тэрыторый у паўднёвым паўшар'і Зямлі, належыла да кантынента Гандвана.Шаблён:Link FA