Камунізм
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Камуні́зм (ад лацінскага commūnis — агульны), грамадска-эканамічная фармацыя, якая заснавана на грамадскай уласнасці на галоўныя сродкі вытворчасці.
З пункту гледжання тэарэтыкаў камунізму, гэтае вучэнне здольнае пераадолець узаемную адасобленасць працы і зрабіць магчымым свабоднае самаздзяйсненне чалавека ў матэрыяльнай і духоўнай вытворчасці. Канчатковай мэтаю камунізму з'яўляецца стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця кожнага індывіда і ўсяго грамадства. Канцэпцыя камунізму найболей распрацавана ў марксізме.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гістарычнае развіццё камунізму, віды камунізму
[рэдагаваць] Прымітыўны камунізм
Паводле Энгельса, самыя старажытныя чалавечыя супольнасці, якія існавалі да ўзнікнення класаў, можна назваць «прымітыўным камунізмам». Энгельс, аднак, лічыць, што сучасны, развіты камунізм можа з'явіцца толькі пасля таго, як гісторыя пройдзе праз усе астатнія грамадскія фармацыі, уключаючы рабаўладальніцкі лад, феадалізм, капіталізм і сацыялізм.
[рэдагаваць] Утапічны камунізм
Класічнаю выяваю гэтага віду камунізму можа служыць праца Томаса Мора «Утопія» (1516), у якой малюецца ідылічная карціна прымітыўнага камунізму, якая супрацьпастаўляецца феадалізму. Да 1700 году афармляюцца новыя, болей развітыя версіі утапічнага камунізму, прадстаўленыя канцэпцыямі Сэн-Сімона, Фур'е ды Оўэна.
[рэдагаваць] Ваенны камунізм
Назва эканамічнай практыкі ў Савецкай Расіі часоў Грамадзянскай вайны на тэрыторыі, кантраляванай бальшавікамі. Характарызаваўся прымусовым перадзелам каштоўнасцей ва ўмовах эканамічнага хаосу.
[рэдагаваць] Таталітарны камунізм
Дастаткова ўмоўная назва рэальных практык камунізму (больш дакладна — сацыялізму), якія былі ажыццёўленыя ў XX стагоддзі. Гэты від камунізму характарызуецца палітычным дыктатам адной партыі і стратай працоўным класам магчымасці кантролю над уладай. Сучасная марксісцкая тэорыя сцвярджае, што таталітарны камунізм магчымы толькі ў краінах, якія развіваюцца, дзе пралетарыят вымушаны ўступаць у саюз з сялянствам і дзе буржуазія мае пакуль адносна слабы ўплыў.
[рэдагаваць] Поўны камунізм
З пункту гледжання марксізму — апошняя стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, пры якой рэалізуецца асноўны лозунг камуністычнага руху: «ад кожнага па магчымасцях, кожнаму па патрэбам». Неабходнай умоваю поўнага камунізму паводле Маркса з'яўляецца дастаткова працяглае існаванне сусветнай сацыялістычнай дзяржавы, якое прывяло б да знікнення класаў ды адмірання ўрадавай улады.
[рэдагаваць] Еўракамунізм
Умоўная назва палітыкі камуністычных партый Заходняй Еўропы, якія крытыкавалі недахоп палітычных свабод і самаізаляванасць партыі ды ўладаў у тых краінах, якія прынялі савецкую мадэль сацыялізму. Расійскіх паслядоўнікаў еўракамунізму (або неаўтарытарнага камунізму) часта называюць трацкістамі, нягледзячы ані на аўтарытарызм самога Троцкага, ані на адсутнасць у ідэалогіі неаўтарытарных камуністаў нават схільнасці да трацкісцкага марксізму.